Восенню бягучага года адбудуцца выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Гэта падзея шмат у чым вызначае развіццё нашай краіны ў будучыні. Бо дэпутацкі корпус фарміруе прававую аснову жыцця нашай дзяржавы. І менавіта ад Парламента залежыць захаванне стабільнасці і згоды ў грамадстве, прыняцце ўзважаных, сацыяльна арыентаваных заканадаўчых актаў.
Улічваючы грамадскую значнасць парламенцкіх выбараў, Прэзідыум Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі прыняў рашэнне аб актыўным удзеле ФПБ у выбарчай кампаніі. Прафсаюзныя актывісты будуць вылучацца ў склад выбарчых камісій усіх узроўняў. Наша агульная задача – прымаць самы непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, забяспечыць назіранне за законнасцю і адкрытасцю правядзення выбарчай кампаніі. Прафсаюзы таксама ў поўнай меры скарыстаюцца правам падтрымкі сваіх кандыдатаў у працы новага парламенту. Дэпутат – гэта прадстаўнік народа, які ў першую чаргу выступае за інтарэсы сваіх выбаршчыкаў. Ён павінен быць адказным, адукаваным, сумленным і прынцыповым. Менавіта такіх прадстаўнікоў працоўных калектываў, прафсаюзных актывістаў мы будзем падтрымліваць на выбарах. Наша будучыня залежыць толькі ад нас саміх. Ад нашай энергіі, ініцыятыўнасці і мэтанакіраванасці.
Падпісваючы гэтую заяву, мы заклікаем усіх прыняць актыўны ўдзел у будучых выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і падтрымаць годных кандыдатаў.